КАЛО́ЧЫНСКАЯ КУЛЬТУ́РА,

археалагічная культура плямён, якія ў 3-й чвэрці 1-га тыс. н.э. (храналаг. рамкі: канец 4—9 ст., найб. абгрунтаваная дата 5—7 ст.) насялялі большую частку бас. Дзясны, Сейма, вярхоўяў рэк Сула і Псёл, Гомельскае і Магілёўскае Падняпроўе, ніжняе цячэнне Бярэзіны, левабярэжжа Прыпяці ад вусця Пцічы да зліцця з Дняпром. Назва ад гарадзішча каля в. Калочын Рэчыцкага р-на. Насельніцтва займалася земляробствам, жывёлагадоўляй, паляваннем і хатнімі промысламі. Асн. тыпам пасяленняў былі неўмацаваныя селішчы; нешматлікія гарадзішчы служылі сховішчамі на выпадак ваен. небяспекі. Жыллё — аднакамерныя паўзямлянкі зрубнай ці слупавой канструкцыі (часта з апорным слупам ў цэнтры), чатырохвугольныя ў плане. Характэрны адкрытыя агнішчы, трапляюцца печы-каменкі. Пахавальны абрад — трупаспаленне па-за межамі пахаванняў на бескурганных і курганных могільніках, пахаванні урнавыя і ямныя. Насельніцтва вырабляла ляпныя гаршкі пераважна слоіка- і цюльпанападобных рабрыстых форм, а таксама прылады працы і зброю з жалеза, бронзавыя ўпрыгожанні і інш. Этнічная прыналежнасць К.к. спрэчная: В.​В.​Сядоў, І.​П.​Русанава, А.​Р.​Мітрафанаў, В.​Б.​Перхаўка адносяць яе да балтаў; П.​М.​Траццякоў, ЭА.​Сымановіч, Я.​А.​Гаруноў, Л.​Д.​Побаль — да славян.

Алег Макушнікаў.

т. 7, с. 481

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)